На Лепельском РМЗ работают мастера высшего разряда

Чалавек працай слаўны.

Людміла Канстанцінаўна і Андрэй Леанідавіч Траццяковы працуюць разам, у адным цэху адкрытага акцыянернага таварыства “Лепельскі рамонтна-механічны завод”. Ён — майстар, а яна — зубарэзчыца. Галоўны інжынер прадпрыемства Вктар Галай расказвае:

— Пра Траццяковых магу казаць толькі самыя добрыя словы: кампетэнтныя, старанныя і адказныя. Паболей бы нам такіх рабочых…

Гісторыя сумеснага жыцця Людмілы Канстанцінаўны і Андрэя Леанідавіча пачалася больш, як шэсць гадоў таму. Жанчына расказвае:

— Пазнаёміліся мы праз сетку інтэрнет. У той час мы абодва былі ў разводзе. Мая дачка падрасла, яго дзеці — таксама. Вырашылі жыць разам, пажаніліся…

Андрэй Леанідавіч родам з-пад Мінска. Вучыўся ў Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце, атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. Спачатку працаваў у сельгасарганізацыі, а потым на прадпрыемствах сталіцы. У Людмілы Канстанцінаўны — іншая адукацыя. Жанчына скончыла Мінскі педагагічны інстытут і некалькі гадоў нават працавала ў дзяржаўнай установе адукацыі сярэдняй школе №1 г. Лепеля. Якім жа чынам такія розныя людзі сталі працаваць разам на заводзе? Расказвае Людміла Канстанцінаўна:

— Спачатку мы мелі намер разам ехаць у Мінск, жыць і працаваць там. Я звольнілася са школы. Аднак нас затрымалі тыя абставіны, што ў сталіцы мы не мелі ўласнага жылля. Здымаць жа кватэру ў Мінску даволі дорага. У нас такіх грошай не было, таму затрымаліся ў г. Лепелі і зараз пра гэта ніколькі не шкадуем.

Першым зацікавіўся працай на Лепельскім рамонтна-механічным заводзе Андрэй Леанідавіч:

— Падумаў: а чаму б не ўладкавацца сюды на работу хаця б часова? Пакуль знойдзецца праца ў Мінску, я тут буду заняты, тым больш, што кватэры ў Лепелі ёсць.

— Якім у вас было першае ўражанне ад прадпрыемства?

— Канечне, у параўнанні з мінскімі прадпрыемствамі Лепельскі рамонтна-механічны завод на ступеньку ніжэй. Там больш дасканалыя і сучасныя тэхніка і абсталяванне. Аднак і мы па меры сіл імкнёмся быць на належным узроўні.

Спачатку Андрэй Леанідавіч працаваў зубарэзчыкам, затым — токарам. Пазней стаў наладчыкам, а ў апошнія гады працуе майстрам. Працуючы па ўсіх спецыяльнасцях, мужчына заўсёды дасягаў самага высокага — шостага разраду.

— Андрэй Леанідавіч, у чым адрозненне працы токара і майстра?

— Зубарэзчыкам, токарам я працаваў сам на сябе, на ўласны працоўны вынік, на заробак, узаемадзейнічаў, так бы мовіць, толькі з жалезам. На пасадзе ж майстра я працую з людзьмі. Мне патрэбна так арганізаваць вытворчы працэс, каб не дапусціць прастояў ліній, каб не было замінак, своечасова падаваўся метал, вывозілася прадукцыя, а работнікі своечасова атрымлівалі ўсё неабходнае.

Праз паўгода працы Андрэй Леанідавіч прапанаваў жонцы таксама прыйсці працаваць на завод. Літаральна за месяц жанчына асвоіла спецыяльнасць зубарэзчыцы, а цяпер працуе па самым высокім, шостым разрадзе.

— Людміла Канстанцінаўна, у чым адрозненне вашай ранейшай працы ад цяперашняй?

— Раней я “брала працу дадому”. Нягледзячы на тое, што сама была дома, мае думкі заўсёды былі ў школе. Непакоілася, як там вучні, як лепей правесці наступны ўрок. Вечарам трэба было праверыць сшыткі, па вечарах часта трэба было прыходзіць да школьнікаў дадому. У любы момант маглі патэлефанаваць бацькі або прадстаўнікі адміністрацыі. Цяпер жа станкі застаюцца ў цэху, а я, пакінуўшы ўсе справы, іду дадому. Так, фізічна крыху цяжэй. Я абслугоўваю 16 станкоў. За змену лічыльнік фіксуе больш, як 22 тысячы крокаў. Затым пешшу іду па крамах і дахаты. Аднак ніякіх цяжкасцяў я не заўважаю. Прыйшла да высновы, што ў жыцці вельмі важна штосьці радыкальна змяніць.

— Успомніце свой першы дзень у цэху.

— Першы дзень працы ўспомніць не магу, але хочацца падзяліцца першымі ўражаннямі ад працы на некаторых станках, асабліва шэвенгавальным. Яго асаблівасць заключаецца ў тым, што нарыхтоўку трэба падаць рукой у спецыяльную нішу і прытрымліваць там, пакуль аўтамат яе трывала не зафіксуе. Усё гудзіць, станок працуе — страшна было! Каб прывыкнуць, мне спатрэбілася некалькі дзён. У гэты час Андрэй мне дапамагаў, фактычна мы працавалі разам. Зараз я без праблем працую на любых станках.

— Неаднаразова бачыў, якія рукі ў рабочых завода: парэпаныя, з металічнымі стрэмкамі…

— Што ёсць, тое ёсць, — кажа Андрэй Леанідавіч. — Спачатку, пакуль не прызвычаіўся, гэта было праблемай. Аднойчы ў мінскім метро металашукальнік адрэагаваў на мае далоні. У далейшым я проста навучыўся правільна браць дэталь у рукі і тым самым верагоднасць паражэння металічнымі стружкамі зводзілася да мінімуму. Я і Людмілу адразу гэтаму навучыў.

— Гэта нармальны працэс, — падтрымала мужа Людміла Канстанцінаўна. — Так у прамысловасці павінна быць заўсёды: спачатку ты пачынаеш працаваць, прымаеш сваю працу, а потым пачынаеш гэтым ганарыцца.

Між тым я звярнуў увагу на выдатны манікюр на руках жанчыны.

Пра высокую кваліфікацыю Людмілы Канстанцінаўны і Андрэя Леанідавіча Траццяковых сведчыць той факт, што муж і жонка працуюць на лініі экспартнай прадукцыі. ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” у апошнія гады былі знойдзены яшчэ некалькі выгадных пакупнікоў. Акрамя галаўнога прадпрыемства, Мінскага завода шасцерань, лепельскія шасцерні набываюцца канцэрнам “Амкадор”, Барысаўскім заводам трактарных дэталяў і агрэгатаў, а таксама трактарабудаўнічымі прадпрыемствамі Бранска і Чабаксараў.

На Лепельшчыне Андрэй Леанідавіч звярнуў увагу на незвычайную прыгажосць беларускай прыроды, хаця сам усё жыццё пражыў у Беларусі.

— Я жыў у 25 кіламетрах ад Мінска ў гомельскім напрамку. У той мясцовасці, каб схадзіць у ягады, грыбы або павудзіць рыбу, трэба ехаць некалькі дзясяткаў кіламетраў. За дзень набраць паўвядзерца чарніц ужо было вялікай удачай. Калі ўпершыню прыехаў на Лепельшчыну, я думаў, што заблукаў у лесе, пры гэтым нават не з’язджаў з дарогі. Бацькі Людмілы жывуць у Пышне, куды мы з задавальненнем прыязджаем. Летам для мяне за дзень сабраць тры вядры чарніц у навакольных лясах — лёгкая справа. Дарэчы, збор ягад, як і для многіх лепяльчан, для нас стаў крыніцай дадатковага сямейнага даходу. Рыбу вудзіць езджу з радасцю. Апошні ўлоў склаў больш за дзесяць шчупакоў.

— Андрэй Леанідавіч, Людміла Канстанцінаўна, вы працавалі па інжынерных, педагагічных і рабочых спецыяльнасцях, маеце багаты жыццёвы досвед. Як вы мяркуеце, якія варта прыкласці намаганні, каб заахвоціць моладзь да рабочых прафесій?

Падумаўшы хвілінку, жанчына адказала:

— На мой погляд, не варта сюды накіроўваць выпускнікоў адпаведных навучальных устаноў. На прамысловай вытворчасці не патрэбны выпадковыя людзі, бо калі чалавек не ўкладвае ў сваю справу душу, на заводзе ён працаваць не зможа. З іншага боку, моладзь адразу хоча вялікіх заробкаў, а гэта таксама амаль немагчыма. Напрыклад, я і Андрэй зарабляем больш, як па тысячы рублёў кожны. Гэта нядрэнна для г. Лепеля. Аднак мы ішлі да такога ўзроўню паступова, павышалі кваліфікацыю. Часта затрымліваемся ў цэху да 19 гадзін, каб больш вырабіць прадукцыі і, адпаведна, больш зарабіць. Лічым, што гэта правільна.

На развітанне руплівыя працаўнікі паказалі лінію вырабу экспартнай прадукцыі, дзе яны працуюць. Сапраўды: усё гудзе, вытворчы працэс не спыняецца ні на секунду: пануе рэальная рабочая атмасфера.